НАВАЕЛЬНЯ

У аснове назвы вёскі ляжыць назва дрэва – елкі. Наваельня – цэнтр сельскага Савета і калгаса “Ленінскі шлях”. Знаходзілася за 16 кіламетраў на паўднёвы захад ад Краснаполля. Праз вёску працякае рака Галуба, якая падзяліла вёску на  часткі. Дзве прамалінейныя, паралельныя паміж сабой вуліцы, злучаныя з трэцяй вуліцай, утварылі прамавугольную плошчу – адміністрацыйна-грамадскі цэнтр.

Паводле пісьмовых крыніц вёска вядома з 18 стагоддзя. Дарэвалюцыйная Наваельня, як і іншыя населеныя пункты Краснапольшчыны, была адсталым глухім кутком. Зямельнымі ўгоддзямі тут валодала памешчыца Бібікава. У яе валоданні было 1500 га лепшых пасяўных плошчаў, лугоў, пашы. Не пакрыўджаны быў і мясцовы поп, які меў 150 га зямлі. 

У 1811 годзе ў Наваельні налічваецца 19 двароў, пражывае 61 жыхар мужчынскага полу. У 1864 годзе ў вёсцы ў была адкрыта школа (народнае вучылішча), у якой у 1889 годзе навучалася 45 хлопчыкаў.

У 1884 – 60 двароў, 421 жыхар, якія апрача земляробства, займаліся кравецкім і кавальскім промысламі. 

У 1885 годзе Наваельня – цэнтр воласці, у якой налічваецца 58 двароў, 416 жыхароў. У вёсцы меліся - заезны дом, драўляная царква. У 1897 – 71 двор, 637 жыхароў, 2 хлебазапасныя магазіны, піцейны дом. 2 разы ў год адбываліся таржкі.

У 1905 годзе пачалі дзейнічаць бібліятэка-чытальня, прыёмны пакой, казённая вінная крама. 1909 год – 88 двароў, 613 жыхароў, 3 ветракі.

У лістападзе 1918 года ў вёсцы арганізоўваецца камсамольская ячэйка. Першымі камсамольцамі былі Іван Емельяненка, Матрона Салодкая, Уладзімір Шагаў, Пётр Ганчароў, Мікіта Кузняцоў, Маісей Івароўскі. Яны стварылі сваю  бібліятэку, наладжвалі гучныя чытанні кніг, праводзілі падзел зямлі, арганізоўвалі сходы моладзі.

Матрона Салодкая.png      Пётр_Ганчароў.png    Іван_Емельяненка.png
Матрона Салодкая                                      Пётр Ганчароў                                                Іван Емельяненка  

У 1924 годзе пад непасрэдным кіраўніцтве ячэйкі ў Наваельні ўтвараецца і першы піянерскі атрад, які ўзначаліў камсамолец Васіль Дабравольскі.

20 жніўня 1924 года Наваельня становіцца цэнтрам Наваельнінскага сельскага Савета. У канцы 1930-х гадоў у Наваельнінскі сельсавет уваходзілі пасёлкі Крамнёўка, Працаўнік, Халапы, в. Шпачча, якія потым зліліся з іншымі населенымі пунктамі, або іх жыхары перасяліліся ў іншыя месцы.

У 1924 годзе ў Наваельні пачала дзейнічаць хата-чытальня, а ў 1926 – урачэбны ўчастак.

У 1926 у вёсцы налічваецца 147 двароў і 815 жыхароў.

У 1931 годзе наваельнянцы арганізавалі калгас імя Сталіна, які ў 1932 аб’ядноўваў 24 гаспадаркі.

Кантора_Наваельнянскага_сельсавета.png
Кантора Наваельнянскага стельсавета

У Вялікую Айчынную вайну вёска была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 25 вяскоўцаў змагаліся на фронце, 17 з іх загінулі. 20 ліпеня 1942 года гітлераўцы спалілі вёску.

30 верасня 1943 года вёска была вызвалена. Наваельнінцы не шкадуючы сіл і энергіі ўзяліся за аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі. За кароткі тэрмін яны не толькі залячылі нанесеныя вайной раны, але і зрабілі новы крок уперад па шляху далейшага развіцця калгаса, паляпшэння матэрыяльнага і культурнага дабрабыту хлебаробаў.

Пасля вызвалення  адкрываецца сярэдняя школа, у якой ужо ў 1948 годзе налічвалася 13 класаў. Тут працуюць 16 настаўнікаў, 11 з якіх мелі вышэйшую адукацыю.

У 1965 у Наваельні адкрываецца ўчастковая бальніца на 25 ложкаў, у якой працуюць 2 урачы, 2 фельчары і 7 чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу. У сакавіку 1966 у вёсцы пачалося будаўніцтва сельмага, а ў 1967 быў закладзены парк і пабудаваны стадыён.

На_гэтым_месцы_стаяла_бальніца.png
На гэтым месцы стаяла бальніца

У жніўні 1979 года завяршылася будаўніцтва новай сярэдняй школы. Са сцен гэтай школы выйшлі дзесяткі людзей, якія зараз працуюць у розных галінах народнай гаспадаркі. Многія выпускнікі сталі настаўнікамі, аграномамі, афіцэрамі і інш. У жніўні 1966  дырэктару Наваельнянскай сярэдняй школы Фёдару Сямёнавічу Рабічку было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік школ БССР”.

У Наваельні нарадзіліся і будучыя кандыдаты філасофскіх навук Галіна Емельянаўна Таірава  і Таісія Піменаўна Салодкая.

На пачатку 80-х гадоў у Наваельні знаходзілася лясніцтва, швейная майстэрня, сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, участковая бальніца, аптэка, ветэрынарная лячэбніца, аддзяленне сувязі, магазін, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання і інш.

Школьны_сад.png
Школьны сад

У сакавіку 1989 года ў Наваельні самая высокая забруджанасць – 80-100 кюры на кіламетр. Шмат часу Наваельня ратавалася ад высялення.  Тройчы вайскоўцы праводзілі дэзактывацыю, але мала чаго адваявалі ў маўклівага і каварнага ворага жыцця. Людзей з вёскі выселілі па розных кутках Беларусі, а дамы былі пахаваны.

Наваельня.jpg

Так з сярэдзіны 90-х гадоў знікла з карты Краснапольшчыны Наваельня.

Толькі парослы дзе-нідзе травой асфальт былой вясковай вуліцы, ды “каробкі” цагляных і блочных дамоў напамінаюць аб тым, што вёска была, былі людзі, было жыццё. А зараз толькі ветрык гуляе ў кронах былых садоў вяскоўцаў. Ды як бы пераўтварыўся ў надмагільны помнік былой вёскі камень-валун з шыльдай: “Здесь в 1918 была организовона первая на Краснопольщине комсомольская ячейка». Здаецца, яшчэ трэба дабавіць сюды словы: “Деревня стала жертвой Чернобыльской трагедии”.

photo_2023-04-26_10-42-57.jpg 


МХІНІЧЫ

Назва вёскі па словах старажылаў пайшла ад таго, што ў яе ваколіцах было вельмі шмат імхоў.

Мхінічы – прыкметная вёска, стаяла на гары ды ў раку Каўпіту вокнамі ўглядалася. За сядзібамі на лузе сцежка пралягала. На той сцяжынцы дзве вобласці сустрэліся – Бранская і Магілёўская.

А як паглядзіш навокал – шумяць верхавінамі векавыя ліпы ды сасновыя бары, залатымі каласамі калышуцца саўгасныя палі.

Вёска – цэнтр сельскага Савета. Знаходзілася за 17 кіламетраў на поўдзень ад Краснаполля. На паўднёвай ускраіне вёскі, на левым беразе р. Бярлянкі знаходзіцца археалагічны помнік – старажытны адзіночны курган, мясцовая назва якога “Шведскі курган”, што сведчыць аб засяленні гэтых месц у далёкай старажытнасці. Насып паўсферычнай формы, зарос кустоўем і дрэвамі.

У вёсцы была сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, бальніца, аптэка, аддзяленне сувязі, швейная майстэрня, 2 магазіны.

Сваю гісторыю вёска вядзе з 16 стагоддзя.У 1864 годзе ў Мхінічах была адкрыта школа (народнае вучылішча), у якой у 1889 годзе навучаліся 33 хлопчыкі і 1 дзяўчынка. У 1885 вёска Мхінічы становіцца  цэнтрам Мхініцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У той час у вёсцы налічваецца 100 двароў і 728 жыхароў. Меліся школа, мураваная царква, якая была разбурана ў 1930-я гады.  У 1897 годзе ў Мхінічах налічваецца ўжо 139 двароў і 973 жыхары. Маюцца  2 ветраныя млыны, хлебазапасны магазін, крама. Раз у год праводзіўся кірмаш. Частка вяскоўцаў займалася кравецкім, бандарным і кавальскім промысламі. У вёсцы была царква, якую закрылі ў 1932 годзе, а ў 1939 разабралі на цэглу і, як гаварылі вяскоўцы, гэту цэглу вазілі ў Краснаполле для будаўніцтва раённага клуба.

1909 год. У вёсцы 148 двароў, 980 жыхароў. Пачала дзейнічаць казённая вінная крама.

У чэрвені-ліпені  1917 года ў Мхінічах ствараецца валасны зямельны камітэт, а ў лістападзе 1917 – валасны савет. У 1918 у вёсцы быў арганізаваны камітэт беднаты. 1 верасня 1918 на пасяджэнні Мхініцкага валаснога савета была прынята пастанова аб устанаўленні кантролю за млынамі і ўзмацненні барацьбы са спекуляцыяй. Па гэтай пастанове, уладальнікі ці арандатары ветранога млына, павінны былі ў год заплаціць савету 15-20 пудоў мукі.

1925 год. У вёсцы дзейнічала працоўная школа 1-й ступені, у якой налічвалася 65 вучняў.

У 1930 годзе вяскоўцы ўступілі ў калгас “Каса”, які ў 1935 быў перайменаваны ў калгас “Волна революции”. Першымі ў калгас уступілі Настасся Адамаўна Герашчанка, Даніла Васільевіч Марозаў, Павел Лявонавіч Шагаў, Восіп Палеенка, Павел Палеенка, Якаў Шпакаў, Арцём Карнеенка, Фёдар Сувораў, Іван Палеенка.

У калгасе, а гэта была адна вёска Мхінічы, налічвалася чатыры брыгады: рэчка Каўпіта дзяліла вёску  на дзве вуліцы, якія, у сваю чаргу, мастом праз яе зноў жа дзяліліся кожная на два канцы. Адна брыгада называлася Падзаводам, другая – Крывым канцом, трэцяя – Сабачоўка і чацвёртая – Падбуглаямі.

Раней_тут_была_бальніца_і_аптэчны_сад.png
Раней тут была бальніца і аптэчны сад

У гады Вялікай Айчыннай вайны вёска была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 99 вяскоўцаў змагаліся на фронце, 64 з іх загінулі. У 1943 годзе гітлераўцы спалілі вёску. Але вёска выжыла, адбудавалася, стала адной з прыгажэйшых у раёне.

У 1951 годзе вёска Мхінічы становіцца цэнтрам калгаса “Шлях камунізму”. У ліпені 1958 адбываюцца дзве значныя падзеі ў жыцці вёскі. Па-першае, у строй уступіла калгасная электрастанцыя магутнасцю ў 35 кілават. Ад яе сталі працаваць млын і піларама. Па-другое, адкрываецца новая амбулаторыя для медыцынскага абслугоўвання мясцовага насельніцтва. У 1961 годзе ў Мхінічы было праведзена радыё, а ў 1965 загарэлася электрычная лямпачка.

У 1960 годзе калгас увайшоў у склад саўгаса “Выдранскі”, які ў сваю чаргу ў 1963 годзе быў падзелены на два: саўгас “Завадоцкі” і саўгас “Халмянскі”.

У гэты час у вёсцы было 110 дамоў. У 1975 годзе ў вёсцы была пабудавана новая двухпавярховая сярэдняя школа, а ў канцы 1980-х новая, таксама двухпавярховая бальніца.

Шмат гадоў Мхініцкай паляводчай брыгадай кіравала Антаніна Піліпаўна Шаршнёва, потым Марыя Іванаўна Банкузава. У другой палове 1960-тых гадоў перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці ведалі ўсе. У паляводстве імі былі Вера Герашчанка, Варвара Герашчанка, Агрыпіна Палеенка, Марыя Шпакава, а таксама  даяркі Марыя Кажамяка, Марыя Гараднічая і іншыя.

Памятны_знак_на_месцы_былой_школы.png
Памятны знак на месцы былой школы

Ядром сельскай інтэлігенцыі былі настаўнікі Марыя Міхайлаўна Карнеенка, Павел Паўлавіч Сокалаў, Уладзімір Данілавіч Шайтура, Ала Ягораўна Якушэнка, урач Уладзімір Рыгоравіч Банкузаў і іншыя.

І наогул у вёсцы нарадзілася шмат працавітых і таленавітых людзей.

Мхінічы – радзіма Героя Савецкага Саюза, генерал-маёра Анатоля Іванавіча Банкузава. Ён нарадзіўся 15 студзеня 1921 года ў сям’і настаўнікаў. У Чырвонай Арміі з 1938 года. Вызначыўся пры штурме крэпасці і ваенна-марской базы Пілау (зараз горад Балтыйск Калінінградскай вобласці). Званне Героя Савецкага Саюза атрымаў 5 мая 1945 года.

Анатоль_Банкузаў.png

У вёсцы ў 1887 годзе нарадзіўся Емельян Іванавіч Ляўшын, камендор лінкора “Слава” Балтыйскага флоту, кавалер Георгіеўскіх крыжоў 2,3,4 ступеняў. 3-4 кастрычніка 1917 года ён удзельнічаў у вядомай Маанзундскай бітве.

Як і ў кожнай вёсцы, у Мхінічах была свая асаблівая мова. Напрыклад:

Вірлавокі – чалавек, у каго адно вока большае, а другое меней за яго; Валапокі – чалавек з выпуклымі вачамі; Чусоўка – пасма нітак на клубку; Крапіўнік – пазашлюбнае дзіця;  Панеўя – адросткі пер’яў пасля лінькі і іншыя словы. Яны былі запісаны ў 1974г. ад жыхарак  Бажковай Н.М.(1920 г.н.), Гудзілавай А.Ф.(1925), Галушка П.К.(1906), Карнеенка Х.Д.(1896 г.н.) і інш. і ўвайшлі ў пяцітомны “Лексічны атлас беларускай народнай гаворкі”.

Цяжка ўсвядоміць тое, што вялікая і прыгожая вёска Мхінічы з яе славутымі традыцыямі і цудоўнымі людзьмі закончыла сваё існаванне. Пасля катастрофы 1986 года на Чарнобыльскай АЭС вёска была адселена ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем.

На_гэтым_месцы_стаялі_хаты_і_былі_людзі.png
На гэтым месцы стаялі хаты і былі людзі 


СТАРАЯ БУДА 

Вёска Старая Буда ўваходзіла ў склад Сабалеўскага сельскага Савета і саўгаса “Завадоцкі” (цэнтр - в. Завадок). Знаходзілася Старая Буда за 24 кіламетры на паўднёвы захад ад Краснаполля. Транспартныя сувязі праходзілі па мясцовай дарозе праз в. Завадок і далей па шашы на вёску Выдранка. Вёска складалася з крывалінейнай вуліцы з завулкамі.

Вядома Старая Буда была з 18 стагоддзя. У 1777 годзе ўваходзіла ў Рагачоўскую акругу Магілёўскай губерні. У 1850 годзе ў Клімавіцкім павеце, налічваецца 32 двары і 120 жыхароў. Належыла сельскаму таварыству. Частка вяскоўцаў, акрамя земляробства, займалася бандарным промыслам.

У 1858 годзе па купчай крэпасці ўладальніцай вёскі стала дваранка Л.С. Ракуса-Сушчэўская. У 1880-1884 гадах вяскоўцы неаднаразова рабілі высечку памешчыцкага лесу, аказвалі супраціўленне ўладам пры размежаванні зямель, захоплівалі памешчыцкія лугі. У 1882 годзе сяляне вырашылі напомніць пані, што трэба вярнуць адрэзаныя землі. Але хадакоў пакаралі розгамі. Ад імя аднавяскоўцаў селянін Клім Паўлаў напісаў скаргу міністру ўнутраных спраў. Яго адказ ад 17 красавіка 1882 года быў кароткі: “Пакінуць без вынікаў”. Тады абураныя сяляне вырашылі заараць гэтыя землі. “Не чужое патрабуем, а сваё!”. Бачачы, што народны гнеў не зламаць, памешчыца звярнулася ў мясцовы суд. Судовы прыгавор быў адназначны: “Сяляне вёскі Старая Буда Мхініцкай воласці Чэрыкаўскага павета зямлю захапілі самавольна, а таму зямля належыць вяртанню”. Старабудцы не падпарадкаваліся судоваму прыгавору. У кастрычніку 1882 года па распараджэнні Магілёўскага губернатара ў вёску былі ўведзены дзве роты Суздальскага палка 16-й пяхотнай дывізіі для экзекуцыі. Салдаты збівалі сялян розгамі, патрабавалі “сознаться в заблуждении”, а ў адказ: зямля наша і нікому яе не аддадзім. Сялянскія хваляванні былі спынены толькі з дапамогай войск, якія размяшчаліся ў вёсцы з 16 снежня 1882 года. Толькі 30 студзеня 1884 года ўдалося прымусіць сялян падпісаць дагавор аб тым, што яны абавязуюцца “не посягать более на чужую землю” і “просят о выводе из их деревни военной команды”. 8 лютага 1884 года воінская каманда з вёскі Старая Буда была выведзена. Старабудскі бунт сялян быў самым значным сярод сялянскіх хваляванняў у Магілёўскай губерні на пачатку 80-х гадоў 19 стагоддзя.

У 1887 годзе ў Старай Будзе налічваецца 95 двароў, пражывае 583 жыхары. У вёсцы меўся ветраны млын.

У 1926 годзе - 129 двароў, 670 жыхароў.  У 1930-х гадах вяскоўцы ўступілі ў калгас. У гады вайны была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

У 1986 - 52 гаспадаркі, 144 жыхары.

Вёска Старая Буда таксама стала ахвярай Чарнобыльскай аварыі.

Пасля катастрофы 1986 года на Чарнобыльскай АЭС жыхары вёскі былі адселены ў сувязі з радыяцыйным забруджаннем, дамы закапаны ў зямлю.

Былая_вёска_Старая_Буда.jpg 
Былая вёска Старая Буда

logo-5.png  logo-6.png  photo_2024-03-22_22-01-40_1.png
Facebook  vKontakte  Instagram
  Яндекс.Метрика